Перайсці да зместу

Сядзіба Пшаздзецкіх (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарадская сядзіба
Гарадская сядзіба Пшаздзецкіх
53°54′14″ пн. ш. 27°33′13″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль класіцызм
Будынкі
сядзібны дом • флігель
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000236шыфр 712Г000236
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гарадская сядзіба Пшаздзецкіх — помнік архітэктуры класіцызму (другая палова XVIII стагоддзя) рэспубліканскага значэння на пл. Свабоды ў Мінску[1][2].

Гарадская сядзіба Пшаздзецкіх узведзена ў канцы XVIII стагоддзя з цэглы[2] на падмурку XVII стагоддзя[3]. Першая звестка пра пабудову прыпадае на 1775 год: будынак фігуруе пад назвай камяніца графаў Пшаздзецкіх, уласнікаў Заслаўя[4].

Ужо ў 1799 годзе сядзіба была прададзена Міхалам Пшаздзецкім за 40.000 польскіх злотых мінскаму шляхціцу, уладальніку сеткі аптэк Андрэю Станкевiчу[4].

З 1826 года сядзібай валодаў сакратар Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу, мецэнат і калекцыянер Юрый Кабылiнскi, які сябраваў з Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. Кабылінскі заснаваў першую ў горадзе асабістую кунсткамеру, калекцыя якой складалася з манет, мінералаў, антычных старажытнасцей, старых кніг і манускрыптаў, сярод якіх былі арыгінал статута ВКЛ і карта Хрыстафора Калумба. Пасля смерці Кабылінскага экспанаты перайшлі ў Віленскі музей старажытнасцей[4].

Апошнім уладальнікам сядзібы быў гарадскі галава Леапольд Дэльпацэ[4]. Будынак часткова выкарыстоўваўся пад адміністрацыйныя службы. Так першы паверх займаў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход[5].

У 1872 годзе ў сядзібе размясціліся класы і жылыя пакоі Мінскага мужчынскага духоўнага вучылішча[5].

Паводле інвентарнага вопісу 1851 года ў палацы было 14 галандскіх печаў з паліванай кафлі і 6 галандскіх печаў з белых кафляў. Пасля вайны ўсе печы былі разбураны[5].

8 мая 2012 года ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, у якім бралі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька і Міністр культуры Павел Латушка. Экспазіцыя, прысвечаная творчасці Савіцкага, размешчана ў дзевяці залах — тут прадстаўлена каля сарака работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея гісторыі горада Мінска, а таксама сям’і мастака[6].

У галерэі адноўлены інтэр’ер рабочага кабінета ў творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама абстаноўка майстэрні Савіцкага[6].

Печ
Адноўлены роспіс
Адноўленыя роспісы

Сядзібны дом (пл. Свабоды № 15) уяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў плане сіметрычнай кампазіцыі. Будынак накрыты вальмавым дахам. Цэнтральная частка будынка вылучана рызалітам. Рызаліт фланкіраваны плоскімі лапаткамі, завершаны трохвугольным франтонам з паўкруглым акном у тымпане. Пад карнізам франтона праходзіць пояс сухарыкаў. Над уваходам на другім паверсе маецца балкон на драўляных кансолях з ажурнай агароджай. Фасадная плоскасць члянёна прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, завершана прафіляваным карнізам. Дваровы фасад вырашаны плоскасна, прамавугольныя аконныя праёмы без ліштваў[1]. Разам з сіметрычна размешчанымі флігелямі ўтвараў двор-курданёр[2].

Падчас рэканструкцыі будынка на другім паверсе былі выяўлены роспісы канца XVIII стагоддзя[4].

Паўднёвы флігель

[правіць | правіць зыходнік]
Духоўнае вучылішча ў паўднёвым флігелі

Паўднёвы флігель гарадской сядзібы (пл. Свабоды № 13) складаны, падоўжны ў плане, з выступамі і скошаным вуглом з боку пл. Свабоды. Першапачаткова ён быў Г-падобны ў плане, двухпавярховы з цокальным паверхам. У канцы XIX ст. стаў П-падобны ў плане, у тарцовых частках надбудаваны трэці паверх. Фасады маюць плоскаснае вырашэнне. Сцены рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, на другім паверсе — аздоблены сандрыкамі. Па перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. Першы паверх аддзелены ад цокальнага тонкім паяском. Трохпавярховыя тарцовыя часткі завершаны невялікімі мансардамі пад двухсхільнымі дахамі. Сістэма планіроўкі зменена, спалучае анфіладнае размяшчэнне памяшканняў і кароткія калідоры[1].

Паўночны флігель

[правіць | правіць зыходнік]

Паўночны флігель не захаваўся[2]. Верагодна, што ён быў страчаны падчас Першай сусветнай вайны[4].

Зноскі

  1. а б в Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. а б в г Т. І. Чарняўская. 280в. Дом № 15 // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.- Мн.: БелСЭ, 1988.-333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8. С.189.
  3. Минск, который мы можем потерять
  4. а б в г д е Забытая гісторыя Архівавана 4 сакавіка 2016.
  5. а б в Дворец Пшездецких
  6. а б У Мінску адбылося адкрыццё часткі экспазіцыі Галерэі Міхаіла Савіцкага(недаступная спасылка)